MOVABOX для подросток.бел!

Гэта было напісана для нашага былога сайта, але мы полічылі важным захаваць інтэрв’ю і на сайце новым.

Сёння, у дзень роднай мовы, публікуем інтэрв’ю з Вольгай Гапеевой і Паўлам Харланчуком.

Інтэрв’ю атрымалась пры падтрымцы праекта #MOVABOX.

Гэты праект рэкламуе і прасоўвае беларускія сучасныя кнігі. Аўтарамі гэтага праекту ўжо былі Людміла Рублеўская, Альгерд Бахарэвіч і Віктар Жыбуль.

Пытанне: Нядаўна мы даследавалі спісы чытання мінскіх школьнікаў. Прасілі назваць некалькі апошніх прачытаных кніг (акрамя школьнай праграмы). З 160 апытанных толькі адзін назваў беларускамоўнага аўтара — Адама Глобуса. Можаце параіць для падлеткаў дзесяць кніг на беларускай? Пажадана нешта сучаснае.

Вольга Гапеева: Шчыра, я мала чытаю мастацкай літаратуры, аддаю перавагу слоўнікам і спецыяльнай літаратуры па лінгвістыцы, філасофіі і сацыялогіі (на розных мовах). Цяпер можна зайсці на сайты нашых выдавецтваў і падабраць сабе кніжку напрыклад тут – http://halijafy.by/. Я не ведаю, чым цікавяцца падлеткі цяпер, але па сваім досведзе магу сказаць, што ў апошніх класах школы набывала і чытала часопіс “Фрагмэнты” і перакладныя кніжкі, выдадзеныя пры падтрымцы фонду Сораса: “Гаваркія істоты. Уводзіны у псіхалінгвістыку” Д.Эйчысан, “Сучасная культурная антрапалогія” М. Говард і інш. Таму мой досвед, думаецца, не самы папулярны, але мы ўсе – розныя. Сёння знайсці штось пад свой густ прасцей, чым было нам у свой час.

Павел Харланчук:

  • “Мова” В. Марціновіч
  • “Чарнобыльская малітва” С. Алексіевіч
  • “Белая муха, забойца мужчын” А. Бахарэвіч
  • “Лісты з-пад кодры” А. Хадановіч
  • “Радзіва Прудок” А. Горват
  • “Возера радасці” В. Марціновіч
  • “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” Л. Рублеўская
  • “Сем камянёў” А. Шэін
  • “Таўсціла і лешч” А. Адамовіч
  • “У неба пехатою” Р. Барадулін

Пытанне: Якім чынам данесці інфармацыю аб добрых беларускіх кнігах да падлеткаў? Традыцыйныя каналы відавочна не працуюць.

Вольга Гапеева: Думаю, сацыяльныя сеткі для іх найбольш актуальныя. Таксама дзейным падаюцца сустрэчы з аўтаркай/ам (калі аўтары прыходзяць да іх у школу або яны ідуць на сустрэчу ў кнігарню, кавярню і г.д.). Таксама праз музыку. Я, напрыклад, раблю альбомы сумесна з электроннымі музыкамі, якія потым выкладаюцца ў інтэрнэце. (паэзія+элек.музыка).

Павел Харланчук: Суполкі ў сацсетках, інтэрактыўныя сайты, бібліятэчныя аплеты для гаджэтаў, прывабная, нестандартная, сучасная рэклама (трэйлеры, напрыклад), папулярызацыя пісьменнікаў (інтэрв’ю, анонсы будучых кніг, інфармацыя аб удзелах у літаратурных конкурсах, колькасць перакладаў, і на якія мовы…). У лепшым выпадку – экранізацыі, тэатралізацыі, конкурсы, цёплыя прэзентацыі.

Пытанне: Мы сутыкнуліся з тым, што выдавецтвы адмаўляюцца выдаваць беларускія пераклады кніг — хаця рускамоўныя арыгіналы выпускаюць з ахвотай. Ці ёсць у вас такі вопыт? Ці можна змяніть сітуацыю?

Вольга Гапеева: Не зусім зразумела пытанне. У сэнсе з замежных моў на бел. не падтрымліваюць? Ці тут маецца на ўвазе толькі пераклады з рус. на бел? У мяне ёсць досвед перакладу маёй беларускамоўнай кніжкі на рускую мову – піцерскае выдавецтва зацікавілася і само прапанавала выдаць яе па-руску. З іншых замежных моў на беларускую выдавецтвы друкуюць збольшага пры фін.падтрымцы ад культурных цэнтраў тых краін, дзе на гэтай мове размаўляюць (польскі інстытут, інстытут гётэ і г.д.)

Пытанне: Дзе ў Мінску сучаснаму беларускамоўнаму падлетку можна «папрактыкавацца ў мове»? Для дарослых і маленькиі дзетак ёсць «Мова нанова», а для падлеткаў?

Вольга Гапеева: Не валодаю такой інфармацыяй, але думаю “Мова Нанова” таксама ім пасуе, прынамсі можна прапанаваць арганізатарам зрабіць нейкі падкаст для гэтай мэтавай аўдыторыі. Раней былі яшчэ курсы пры Таварыстве беларускай мовы, не ведаю, ці захаваліся яны.

Пытанне: Што здольна сёння падштурхнуць падлетка пачаць гаварыць на беларускай?

Вольга Гапеева: Для кожнага і кожнай стымул будзе свой. Тут нельга абагульняць. Але думаю, што калі проста беларускай мовы будзе больш у публічнай прасторы (на вуліцах, у рэкламе, у кінатэатрах і г.д.), тады гэта наблізіць мову да іх, зробіць не такой “акадэмічнай” ці “закансерваванай”.

Павел Харланчук: Разуменне не шырокага ўжывання мовы сярод беларусаў, як яе эксклюзіўнасць? Можа так паставіць пытанне? Калі не ўсе размаўляюць, можа гэта не значыць, што ў ёй нічога няма, але зусім наадварот? JПрыклады для пераймання з жыцця (музыкі, гістарычныя асобы, пісьменнікі, палітыкі, навукоўцы…), якасны и сбалансаваны беларускамоўны кантэнт. Лепшыя падборкі літаратуры, фільмаў, музыкі з усяго свету (як сучасных, так і класічных). Было б добра, каб мы не спазняліся з перакладам міравых прэм’ер.

Пытанне: Ці існуюць у інтэрнеце рэсурсы, на якіх беларускамоўны падлетак мае шанец самавыявіцца — прыняць удзел у літаратурным конкурсе, напісаць рэцэнзію?

Вольга Гапеева:  Асабліва нічога праіць не магу. Ёсць школа маладога літаратара, якая функцыянуе пры Пэн-цэнтры, але, здаецца, там студэнты збольшага.

Павел Харланчук: Брама Мар, конкурс “ПЭН-цэнтру”, тэатр РТБД, здаецца, таксама праводзіць такі конкурс… .Хапае.  Абы б пісалі)))) А паўдзельнічаць знойдзецца дзе)))

Добавить комментарий